09:58 НА ФЕСТЫВАЛІ ВАСІЛЯ ЦЯПІНСКАГА | |
29 мая на плошчы Свабоды г.Чашнікі адбылося свята, прысвечанае выдатнаму філолагу і кнігадрукару, таленавітаму перакладчыку і гуманісту Васілю Цяпінскаму. Арганізатары фестывалю падрыхтавалі багатую і насычаную праграму. Супрацоўнікі цэнтральнай раённай і дзіцячай бібліятэк падрыхтавалі тэматычную пляцоўку “Нашчадкі Васіля”. Тут была аформлена выстава-аўтограф “Аўтографы творчасці, аўтографы жыцця”, на якой прадстаўлены кнігі з фондаў бібліятэк сістэмы с аўтографамі аўтараў. Кожны жадаючы мог зрабіць фотаздымак у фотазоне «Адчуй сябе Васілём Цяпінскім». Бібліятэкары цэнтральнай раённай бібліятэкі частавалі ўдзельнікаў свята духмянай гарбатай у чайнай лаўцы «Гарбата з вадзіцы Васілёвай крыніцы».
На пляцоўцы з гісторыка-геаграфічнай картай Чашніцкага раёна, каля атр-аб’екта – раскрытай кнігі і станка сярэдзіны ХVI стагоддзя - з агляднай экскурсіяй сустракала Ларыса Генадзіеўна Шаламанава, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі. У рамках фестываля арганізавана прэзентацыя-конкурс “Уся справа ў капелюшы”, які праводзіўся па наступных намінацыях: “Самы вясёлы капялюш”, “Самы кветкавы капялюш”, “Самы незвычайны капялюш”, “Самы казачны капялюш”, “Самы прыгожы капялюш”. Па ўмовах конкурсу дазвалялася зрабіць яго з любога матэрыялу. Фантазіі ўдзельнікам было не займаць, атрымалася сапраўды незвычайная калекцыя капелюшоў. Пераможцы былі вызначаны па кожнай з намінацый, атрымалі дыпломы і падарункі ад дзяржаўнай установы культуры “Чашніцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”. Гран-пры быў уручаны Барко Анатолю Захаравічу за творчую працу "Чароўны сон дзядзькі Толіка". Адкрыты раённы конкурс «Сто радкоў любовi да малой радзiмы», які прысвячаўся Беларусі, малой радзіме Чашніччыне і 140-годдзю з дня нараджэння пісьменніка-земляка Янкі Журбы сабраў чытачоў і паэтаў Чашніччыны ва ўзросце ад 7 гадоў і старэйшых. Гучалі вершаваныя творы ў асноўным на беларускай мове, як мясцовых аўтараў, так і вядомых паэтаў: Уладзіміра Караткевіча “Беларуская песня”, Пімена Панчанкі “Бацькаўшчына”, Ніла Гілевіча “Край мой, беларускі край”, Янкі Журбы “Як люблю я цябе, Беларусь”, Міхася Пазнякова “На Радзіме” і інш. Канкурсанты вельмі натхнёна і эмацыянальна выказвалі сваю любоў да роднай Бацькаўшчыны, яе неўміручай спадчыны. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад Чашніцкай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Усе канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў. | |
|