ЧАШНИКСКАЯ РЦБС

ГОСУДАРСТВЕННОЕ УЧРЕЖДЕНИЕ КУЛЬТУРЫ

Категории


ДУБРОЎСКІ ФЁДАР ФАМІЧ
 
ДубровскийУраджэнец в.Замошша Ушацкага раёна Фёдар Дуброўскі зведаў нялёгкую сялянскую долю. Яго маці, Агаф’я Навумаўна, - беззямельная сялянка – батрачыла ў памешчыкаў і кулакоў, а Федзя з 12 гадоў дапамагаў. У снежні 1918 года юнак добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, нёс службу пры ваенным камісарыяце ў Лепелі, а потым з баямі прайшоў ад Лепеля да Варшавы. Гэта была пара яго духоўнага станаўлення і сур’ёзнай загартоўкі.
Праз некаторы час пасля заканчэння Вяземскай палкавой школы Фёдар дэмабілізаваўся. Атрымаўшы ў в. Старое Сяло зямельны ўчастак, ён займаўся сельскай гаспадаркай. А калі пачалася калектывізацыя, Фёдар Фаміч арганізаваў калгас “Чырвонае Сяло”. Сяляне выбралі яго старшынёй.
У 1931 г. Дуброўскі ўступіў у партыю. Паколькі за яго плячыма былі толькі 2 класы царкоўна-прыходскай школы, Ушацкі райком партыі накіраваў яго ў Вышэйшую цэнтральную калгасную школу, дзе ён атрымаў спецыяльнасць заатэхніка. Працаваў спачатку ў райземаддзеле, потым старшынёй трох сельсаветаў. І, нарэшце, - дырэктарам Ушацкай МТС. Палітруком палка ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, а ў час савецка-фінскай вайны 1939 – 1940 гг. быў паранены і кантужаны. Перад вайной з Германіяй працаваў намеснікам старшыні Ушацкага райвыканкама.
Вось такі жыццёвы шлях прайшоў Фёдар Фаміч Дуброўскі перад тым, як стаць народным важаком у барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі, камандзірам вядомай брыгады “Дубава”.
…У пачатку жніўня 1941 г. па заданню Віцебскага абкома партыі Ф.Ф.Дуброўскі з групай таварышаў вярнуўся ва Ушацкі раён з Ржэва, куды ён эвакуіраваў установы і прадпрыемствы з Ушач.
Пасля ўстанаўлення сувязей з названымі таварышамі ў Сарочынскім лесе, што кіламетраў за дзесяць ад Ушач, Дуброўскі правёў нараду падпольшчыкаў раёна. На ёй былі вызначаны задачы агульных дзеянняў, іх каардынацыя, абгавораны канспіратыўнасць і ўзаемасувязь.
На працягу ліпеня 1942 г. у партызанскія атрады прыйшлі сотні людзей. Паўстала задача:аб’яднаць іх сілы. Таму паводле рашэння абкома партыі ўстаноўлена сувязь з камандзірам суседняга партызанскага атраду У.Е.Лабанком. У жніўні на базе гэтых двух атрадаў створана партызанская брыгада “Дубава”.
Дарэчы, аб назве брыгады. Маці, жонка, трое дзяцей Фёдара Фаміча жылі ў в.Старое Сяло. І каб фашысты не змаглі даведацца, што гэта сям’я партызанскага камандзіра, вырашылі прозвішча Дуброўскі змяніць на Дубава. Некаторы час фашысцкая разведка лічыла, што ёсць дзве брыгады – Дуброўскага і Дубава.
Камбрыг быў чалавекам творчым, умеў выслухаць усіх, і хоць канчатковае слова было за ім, прымаў яго не спяшаючыся. Прыродны розум, гаспадарскі падыход, жыццёвы вопыт дазвалялі яму прымаць найбольш правільныя рашэнні. У той час ён турбаваўся аб тым, як забяспечыць умовы жыцця і баявую дзейнасць зімою партызанам брыгады, колькасны склад якой восенню 1942 г. дасягаў амаль 1700 чалавек. Хаця лепш былога намесніка старшыні райвыканкома Ф.Ф.Дуброўскага ніхто не ведаў раён, тым не менш камбрыг даручыў разведцы і гаспадарчаму ўзводу вынесці прапанову аб месцы размяшчэння партызанскай базы. Такое месца было знойдзена: у двух кіламетрах ад в.Антунова.
У гэты час у брыгадзе стварылі артдывізіён і кавалерыйскі эскадрон. Расшырыўся аператыўны прастор брыгады, дзеянні якой былі накіраваны на чыгунку Полацк-Маладзечна, а таксама ў бок Лепеля, Чашнікаў, Красналук. Пачалі знішчаць чыгуначныя эшалоны з супрацьтанкавай гарматы.
Адчуваючы сілу удараў, немцы часцей сталі праводзіць карныя экспедыцыі, прытым буйнамаштабныя. Прыкладам можа служыць аперацыя “Котбус” вясной 1943 г.
Улічваючы колькасць, высокую арганізацыю і баявую загартоўку брыгады “Дубава”, рашэннем Віцебскага абкома партыі і Беларускага штаба партызанскага руху ў ліпені 1943 г. яна была раздзелена на дзве: Лепельскую імя І.В.Сталіна (камбрыг У.Е.Лабанок) і Чашніцкую “Дубава” (камбрыг Ф.Ф.Дуброўскі) з перадыслацыраваннем яе ў Чашніцкі раён. Крыху пазней Фёдар Фаміч зацвярджаецца сакратаром Чашніцкага падпольнага райкома партыі. У яго баявым жыцці пачынаецца новы этап: арганізацыя партыйна-палітычнай работы, удасканаленне тактычных прыёмаў партызанскай вайны ў бязлесным раёне. Нават новы аэрадром трэба было абсталяваць – у бяспечным месцы, вядома.
Штаб брыгады і райком партыі размясціліся ў в.Маскоўская Гара. Паблізу былі знішчаны варожыя гарнізоны. З’явіліся новыя суседзі-партызаны: брыгады Заслонава, Лявонава, Раманава, Прахарэнкі. Трэба было “асядлаць” чыгунку Лепель-Чашнікі-Орша. Камбрыг прыняў рашэнне знішчыць яе зусім. Дапамагалі партызанам больш 2500 мясцовых жыхароў. Гэта было ні з чым не параўнальнае працоўнае змаганне, якое мела вялікае выхаваўчае значэнне: партызаны і насельніцтва сумесна перакрылі шлях, чыгунку не аднаўлялі.
У пачатку восені 1943 г. перад партызанскімі брыгадамі зоны пастаўлена новая задача: адначасова разграміць рад буйных гарнізонаў. 18 брыгад былі аб’яднаны пад кіраўніцтвам Ф.Ф.Дуброўскага.
Пасля вайны партызанскі генерал Дубаў – Фёдар Фаміч Дуброўскі, быў першым сакратаром Чашніцкага райкома партыі, узяўся за мірныя справы – адраджэнне жыцця знявечанай ворагам, але няскоранай зямлі.
Категория: ЧАШНИЧЧИНА В ГОДЫ ВЕЛИКОЙ ОТЕЧЕСТВЕННОЙ ВОЙНЫ | Добавил: svetlana (13.06.2019)
Просмотров: 1073

Добро пожаловать!

Главная | Регистрация | Вход | RSS

Приветствую Вас Гость  

Поиск

Актуально

Календарь

Ваше мнение

Довольны ли Вы обслуживанием в библиотеках района!
Всего ответов: 137

Одноклассники

Статистика


Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0