Году малой радзімы прысвечана выстава-прэзентацыя Альшанскага сельскага Савета “Зямля, нам дадзеная лёсам”, якая размясцілася ў гарадскім Доме культуры мікрараёна папяровай фабрыкі. Арганізавалі і правялі гэтае мерапрыемства работнікі ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельскага Савета. Прэзентацыя прайшла ў форме падарожжа ільнянога клубочка. Клубочак-навігатар вёў да скруткаў народнай мудрасці, а госці выставы, ідучы за ім, пераходзілі ад адной экспазіцыі да другой.
Пачалося вандраванне з экскурсіі па “Беларускай хатцы”, якую правяла загадчыца Чырвонараніцкай сельскай бібліятэкі Мядзюк Алена Леанідаўна. Тут наведвальнікі акунуліся ў гістарычнае мінулае, культуру і побыт сельскіх жыхароў, якія былі прадстаўлены прадметамі хатніх рэчаў, прыстасаваннямі працы.
З наступнай экспазіцыяй “З сівой даўніны” прысутных пазнаёміла бібліятэкар Чырвонараніцкай бібліятэкі Гурко Таццяна Уладзіміраўна. Наведвальнікі даведаліся пра цікавыя факты краязнаўства, гістарычныя і археалагічныя аб'екты на тэрыторыі сельскага савета: гідралагічны помнік прыроды “Крыніца Іезус”, руіны храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, будынак былой панскай сыраварні, курганныя магільнікі і іншыя славутасці.
Экспазіцыя “Рэха вайны, памяць сэрца” прадстаўляе салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія ўнеслі свой уклад у перамогу над фашызмам. Асобная экспазіцыя “Выпрабаваныя небам Афганістана” прысвечана воінам-інтэрнацыяналістам, удзельнікам афганскай вайны, большасць якіх жыве і працуе на сваёй малой радзіме. Матэрыялы для экспазіцый падрыхтавалі бібліятэкары Чырвонараніцкай сельскай бібліятэкі.
Ганарацца жыхары сельсавета сваімі ініцыятыўнымі, працавітымі, таленавітымі і вядомымі землякамі. Пра іх распавядае экспазіцыя “Я твайго радаводу галінка”. Бібліятэкар Альшанскай сельскай бібліятэкі Сілюкова Раіса Міхайлаўна пазнаёміла прысутных са знакамітымі дзяржаўнымі дзеячамі, дыпламатамі, заслужанымі дзеячамі навукі, прамыслоўцамі, паэтамі і мастакамі. На выставе прадстаўлены работы мастакоў С.А.Сянько і П.Ф.Даніленка.
Людзям, якія ўмеюць працаваць на зямлі і ўслаўляюць працай родныя мясціны, прысвечана экспазіцыя “Іх працай багацее зямля”. “Таленты нашай малой радзімы” знаёмяць з унікальнымі работамі народных майстроў – землякоў.
Завяршаецца прэзентацыя экспазіцыяй “Свет вачыма дзяцей”, якая прадстаўляе малюнкі і вырабы навучэнцаўі і выхаванцаў Пачаевіцкага дзіцячага сада-пачатковай школы і Альшанскага дзіцячага сада.
|