08:11 РУЧАЙ КРЫШТАЛЬНЫ МОВЫ РОДНАЙ | |
Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для дзіцячай бібліятэкі г.Чашнікі. 21 лютага ў бібліятэцы пад дэвізам "Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй часцей!" прайшоў Дзень роднай мовы “Ручай крыштальны мовы роднай”, у рамках якога была праведзена літаратурна-паэтычная гадзіна “Квітней родная мова”. Бібліятэкары распавялі аповед пра тое, адкуль і як узнікла наша родная беларуская мова, што з яе дапамогай людзі абменьваюцца думкамі, робяць новыя адкрыцці, наладжваюць сувязі паміж народамі. Дзеці з задавальненнем праслухалі легенду “Адкуль пайшлі беларусы”, успомнілі матуліны калыханкі. Прымалі ўдзел у конкурсах і гульнях: пераводзілі з рускай мовы на беларускую словы, разгадвалі загадкі беларускіх пісьменнікаў, вучыліся гаварыць скарагаворкі на роднай мове. А для таго, каб больш даведацца пра родную мову, пра творы беларускіх аўтараў, наведвальнікам бібліятэкі былі прапанаваны кніжная выстава “О, мова родная мая!” і выстава-свята “Беларускія творы-юбіляры”.
Мерапрыемства пакінула ва ўсіх часцінку дабрыні, любові да роднай мовы. Спадзяёмся, што дзеці будуць старацца размаўляць па-беларуску, паважаць родную мову.
| |
|