У Чырвонараніцкай сельскай бібліятэцы прайшлі тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Мерапрыемствы былі накіраваны на выхаванне павагі і любові да роднай мовы. Святочны дзень пачаўся ў бібліятэцы з акцыі “Размаўляй па-беларуску”. Тут з самага ранку гучалі простыя “ветлівыя” словы – “добры дзень”, “калі ласка”, “дзякуй” і інш. Чытачам прапаноўваліся словы на рускай мове, а яны павінны былі адказаць на роднай мове і растлумачыць яго значэнне. Атрымалася вельмі цікава і займальна.
Для выхаванцаў Пачаевіцкага дзіцячага садка бібліятэкары правялі пазнавальна–забаўляльную праграму “Беларускае слова”. Вядучыя пазнаёмілі дзяцей з паняццем “Родная мова”, растлумачылі, чаму яе называюць роднай, распавялі пра значэнне роднай мовы ў жыцці кожнага чалавека. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў рухальных гульнях “Буслы”, “Кот Васька”, “Грушка”.
У гэты дзень дашкольнікі даведаліся пра прадметы народнага побыту, беларускую народную вопратку, звычаі і традыцыі, пазнаёміліся з беларускімі народнымі казкамі і адгадвалі загадкі. Была аформлена выстава дзіцячай мастацкай літаратуры “У свеце беларускіх казак”.
Удзельнікі мерапрыемства змаглі адчуць прыгажосць і непаўторнасць беларускага слова. Усе ўпэўніліся ў тым, што наша беларуская мова прыгожая, сакавітая, трапная і пявучая.
|