На пляцоўцы каля Чырвонараніцкай сельскай бібліятэкі разгарнулася летняя чытальная зала для чытання, адпачынку і забавы. На бібліятэчнай скамейцы “Рознакаляровае лета” чытачы маглі пазнаёміцца з кнігамі і часопісамі рознай тэматыкі. Асабліва дзяцей зацікавілі часопісы, разглядаючы іх яны дзяліліся ўражаннямі і распавядалі адзін аднаму пра свой самы любімы часопіс. У кожную кнігу была ўкладзена закладка-запрашэнне ў бібліятэку з адрасам і прапановай наведваць яе.
Для маленькіх чытачоў у гэты дзень супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана гульнёвая хвілінка “Нібы казка, нібы цуд”, у час якой дзецям былі прапанаваны гульні і конкурсы "Дзіцячы баскетбол", "Загадкі з капелюша", за удзел у якіх дзеці атрымоўвалі прызы.
Летняя чытальная зала - гэта выдатны спосаб правесці цёплы дзень з кніжкай у руках, месца пазнавальных адкрыццяў, вясёлых забаў.
|